Последние комментарии

Поэзия. :-(

Развітанне загінутага салдата

Не чакай мяне матуля ,
Не вярнуся я з вайны.
Мне свінец варожай кулі -
Смерць з нямецкай стараны .

Не згуляем мы вяселле
З любай дзеўчынай маёй .
І не будзе наваселля
Ў хаце , збудаванай мной.

Не паклічуць дзеці : ”Тата!”,
Не народзяцца яны .
Не чакайце вы салдата ,
Не вярнуся я з вайны .

Ў небе чорным ад пажараў
Птушкі белыя ляцяць .
Гэта душы тых ахвяраў ,
Што забітыя ляжаць.

А так хочацца застацца
З вамі , родныя мае!
Уздыхнуць , з зямлі падняцца ,
Ды вайна мне не дае .

Ты не плач , мая матуля,
Не паднімеш ўжо мяне.
Не куе мая зязюля ,
Не чуваць даўно яе.

Кружыць бусел

Роднай весцы Сямёнавічы прысвячаю

Кружыць,кружыць белы бусел
Ды над вёскаю маёй.
Ён дзяцей шукае мусіць
Разам з бусліхай сваёй.

У гняздзечку родным вецер
Стане плакаць, завываць.
-Дзе ж вы, родненькія дзеці?
Мы стаміліся чакаць.

Дзе ,крывінкі, паляцелі?
У які, скажыце,край?
Жыць у вёсцы не схацелі.
Тут так добра! Ці ж не рай?

І крынічанька бруіцца
З жыватворнаю вадой.
Ды не можам мы напіцца-
Парасло ўсё лебядой.

Кожнай хаткай вас чакае
Роднай вёскі цішыня.
Сад квітнеючы ўздыхае:
-Дзе ж бусліная сям`я?

Сцежка сціплая да вёскі
Так стараецца ,бяжыць!
На пагорачак бярозка
Ўглядаецца,стаіць…

Кружыць,кружыць белы бусел
Ды над вёскаю маёй.
Ён дзяцей шукае мусіць
Разам з бусліхай сваёй.

Тайна

Зноў чакаеш мяне ноччу зорнай.
Ціха стукне каменьчык ў акно.
Тоне месяц у цемры азёрнай.
Ўсё паснула навокал даўно.

Сонны вецер зачэпіць бярозу,
Пад якою абдымеш мяне.
Твае вусны збяруць мае слёзы,
Нас пяшчота сабой захісне.

Чорны вэлюм накрые ,схавае.
Салавей,музыкант залаты,
Нам на струнах душы заіграе,
Што кахаеш, прызнаешся ты.

Заказыча нам вочы світанак,
Загарыцца агнём у расе.
А гарэзлівы сонечны ранак
Мае косы ў траву растрасе.

Сэрца настаўніка

Маім дарагім калегам настаўнікам прысвячаю

Сэрца настаўніка моцна так б`ецца!
Хочацца столькі зрабіць і паспець!
Сціснецца болем- настаўнік ўсміхнецца-
Часу няма сумаваць і хварэць.

Дома аставіць сумненні ,турботы,
Плечы расправіць, рашуча ўздыхне.
Быццам на крылах ,ляціць на работу
І просіць у Бога:”Цярпення дай мне!

Прашу ,каб табліцу запомніў Сярожа,
Алеся дыктоўку напіша няхай,
А Каці ўвагі хоць трошкі дай,Божа,
І …болей здароўя ім ,Божачка,дай!”

Сэрца – крыніца пяшчотай напоўніцца.
Усё на далонях.Ты хочаш,бяры.
Толькі дабром яно людзям запомніцца,
Шчырай адданасцю ўсёй дзетвары.

Сэрца-агеньчык.З дзяцінствам ён злучаны,
Зоркай нязгаснаю ярка гарыць.
Быццам другою Галактыкай ўключаны
Будзе сябе без астачы дарыць .

Няхай

Сумуе восень ля парога,
Дзяўчынай юнай чырванее.
Глядзіць на лецейка з трывогай,
Няхай яно яе сагрэе.

Няхай чырвоныя лісточкі
Халодны вецер не зрывае,
А лепш блакітныя званочкі
Ў букет духмяны назбірае.

І ў самотным карагодзе
Над ёй не кружаць бусляняты,
А ўсё часцей у кожным годзе
Здалёк вяртаюцца дахаты.

Няхай трывожгымі начамі ,
Калі бяссонніца пануе,
Не стануць слёзы ручаямі,
А сон ёй вочы зачаруе.

Сумуе восень ля парога,
Дзяўчынай юнай чырванее…

Сон

Спіць старая Агата,
Сніць жахлівыя сны.
Чуе рэха гарматаў-
Памяць прошлай вайны.

Муж ляжыць перад ёю.
Ен такі малады!
Увесь заліты крывёю
-Піць…,сястрычка,…вады…

Крык адчаянны рвецца:
-Яж Агата твая!
Не аддам цябе смерці!
Што за доля мая?!

Я цябе ўсё чакала,
Столькі слёз праліла
І так моцна кахала,
Што забыць не змагла.

Лёс мяне не шкадуе-
Без цябе,без дзяцей.
Сум у хаце пануе.
Маё сэрца сагрэй.

Раскажы, мой каханы,
У які крочыць край?
Дзе ж ты быў пахаваны?
Пачакай, не знікай!

Можа выжыў, мой любы
І ідзеш да мяне,
Не сустрэў сваёй згубы
У крывавай вайне?!...

Заціхаюць гарматы-
Рэха прошлай вайны.
Цяжкі сон у Агаты,
Як і ўсе яе сны.