Последние комментарии

МАЕ МЕСЦА СВЯТОЕ

Бачу дзедаву хату,
Сад, дзе вішняў багата,
Дзе ад яблыкаў дрэвы
Гнуцца аж да зямлі.

Ім прыйшла пакланіцца,
У цішы памаліцца
За ўпакой сваіх родных,
Што жылі-тут-былі.

Заглянула ў акенца -
Моцна стукае сэрца:
Бы пачула бабулю,
Як люляе-пяе,

Нахіліўшыся нізка
Над маёю калыскай.
Я, на жаль, забываю
Рысы твару яе.

Ля шурпатай далоні,
Ля сівенькае скроні
I пры голасе любым
Суцішэння хачу.

Мне тут лёгка-журботна
У куточку пяшчотным,
Тут я сэрца і душу
Ад сумненняў гаю.

I заўжды са мной тое
Мае месца святое —
Забыццём не заслоніць,
Не зняверыць зіма.

Наталі мяне сілай
Любы кут сэрцу мілы
Дай надзею і веру,
Што жыву недарма.