Последние комментарии

Произведения

МАЕ МЕСЦА СВЯТОЕ

Бачу дзедаву хату,
Сад, дзе вішняў багата,
Дзе ад яблыкаў дрэвы
Гнуцца аж да зямлі.

Ім прыйшла пакланіцца,
У цішы памаліцца
За ўпакой сваіх родных,
Што жылі-тут-былі.

Заглянула ў акенца -
Моцна стукае сэрца:
Бы пачула бабулю,
Як люляе-пяе,

Нахіліўшыся нізка
Над маёю калыскай.
Я, на жаль, забываю
Рысы твару яе.

Ля шурпатай далоні,
Ля сівенькае скроні
I пры голасе любым
Суцішэння хачу.

Мне тут лёгка-журботна
У куточку пяшчотным,
Тут я сэрца і душу
Ад сумненняў гаю.

I заўжды са мной тое
Мае месца святое —
Забыццём не заслоніць,
Не зняверыць зіма.

Наталі мяне сілай
Любы кут сэрцу мілы
Дай надзею і веру,
Што жыву недарма.

ШАЛ КАХАННЯ

Усхваляваная вершамі
Сяргея Ясеніна

Скучаравіць дрэвы вецер на узлеску,
Пацалуе сонца ломкую пралеску.
Я з табой да рання ў ночы заблукаю,
Як пайду дахаты нават не згадаю.

Ўжо не аглянуся крочу незваротна -
Абдымай, каханы, і цалуй пяшчотна.
Быць хачу шчаслівай і кахаць бязмежна,
Няхай неспатольнасць перакрэсліць межы.

ГАРЭЗА ВЯСНА

Хуліганіць, смяецца, чаруе
Прыгажуня-гарэза вясна.
А ці ўспомніць пра дзеўчынку тую,
Што калісьці чаромхай цвіла?

Ці з пралескамі сукню падорыць
I, адкрыўшы кахання сакрэт,
Ей рассыпле міглівыя зоры,
Як люстэркі таемных планет?

Распляце яе цяжкія косы
Стужкі белыя кіне у траву.
Стушыць жар яе ў чыстыя росы
I аздобіць вянком галаву.

Раскідае па твары рыжынкі,
Намалюе ружовы усход.
Вытра першага смутку слязінкі,
Зноў пакліча у свой карагод.

Калаўродзіць, смяецца, чаруе
Хуліганка-гарэза вясна.
А ці ўспомніць пра дзеўчынку тую,
Што калісьці чаромхай цвіла?

САЛАЎІНАЯ ПЕСНЯ

Што робіць пошчак салаўіны
3 маімі думкамі,душой!
Ён апантаны, пераліўны
Ляціць прызыўна над Зямлёй.

Артыст вясны іскрыста-зорны,
Спявак, маэстра і паэт
Самазабыўна,непаўторна
Ён зачароўвае сусвет.

У гэтай песні абяцанне
Кахаць аддана, назаўжды,
3 надзеяй першага спаткання
Ў святле чароўнае звязды.

Пачуццяў вір,надрыў сардэчны,
Мне ўжо дыхания не стае -
Тут замірае нават вечнасць
Імгненні сцішыўшы свае.

СУПЯРЭЧНАСЦЬ

Не хачу болей Вас кахаць,
Не магу і не буду болей.
Толькі б сілы набраць сказаць,
Што кахаю я Вас міжволі.

Вашы вусны - палын і мёд,
Не ўтрымаць мне сваю абарону.
Вашы рукі - агонь і лёд,
Як мне вырвацца з іх палону?

Вашы вочы, бы два віры,
Закружылі мяне, паглынулі.
Так бушуе вясна ў двары -
Асцярогі мы ўсе мінулі.

На два сэрцы адзін магніт,
I такі, што не адарвацца.
Навальніца ў душы грыміць:
Плакаць хочацца і смяяцца.

Першы гром быў даўным-даўно,
Што цяпер - я не разумею.
Пачуццё? Ды адкуль яно?
Я змагацца з такім не ўмею.

Не хачу болей Вас кахаць,
Не магу і не буду болей!
Толькі як мне усё ж сказаць:
Шчасцю - досыць, каханню - даволі?

ВЯРБА I ДЗЯЎЧЫНА

Па матывах народных песень

Захісталася ад ветру
Кучаравая вярба.
Пакахаў, ды не мяне ты -
Ў сэцы цяжкая журба.

Ну якая у тым прычына,
Што каханы не са мной?
I вярба, нібы дзяўчына,
Стаіць, плача над вадой.

Апусціла свае плечы
I ад холаду дрыжыць.
У маркоце гэтай вечна
Будзе слёзы свае ліць.

Клён прыгожы і высокі
Ноччу ліпу абнімаў.
У таемных чарах ночы
Пра каханне ей шаптаў.

У вярбы такая ж доля
Мусіць як і у мяне -
Бо каханне, як няволя,
Запалоніла яе.

Я прашу адвольны вецер -
Забяры нашу журбу
Расцяруш яе па свеце
Будзь ласкавы! Я прашу!